Глушчан запрашае Свята працы і вясны!

Глушчан і гасцей райцэнтра запрашаюць адсвяткаваць Першамай. Пачнецца свята традыцыйным велапрабегам, сёлета мерапрыемства прысвечана 120-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі. Старт запланаваны на 10 гадзін раніцы, аднак удзельнікаў на бульвары Грахоўскага чакаюць загадзя, у 9:30. Напачатку адбудзецца конкурс па некалькіх намінацыях (“Самая дружная каманда”, “Самая спартыўная маладая сям’я” і інш.). Пераможцаў чакаюць падарункі. Арганізатары, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам БРСМ, просяць пільна прадумаць свой індывідуальны вобраз, аформіць веласіпеды ў стылі рэтра, з элементамі, якія сімвалізуюць гістарычны шлях прафсаюзаў.

Працягнецца святочны дзень на цэнтральным стадыёне. У 11:00 на хакейнай пляцоўцы пройдзе раённы турнір па гульні ў гарадкі. Таксама на спартыўных пляцоўках павінны адбыцца футбольныя матчы: міні-футбол і вялікі футбол.

Свая праграма, безумоўна, цікавая і насычаная, чакае дзяцей з 11:00 да 13:00 на бульвары Грахоўскага. Тут жа ў 11:30 пройдзе святочны канцэрт. Падчас свята будуць працаваць гандлёвыя рады райспажыўтаварыства. Словам, будзе смачна, весела і цікава!

Г. АЎТУХОВА